Гiсторык прысвяціў кнігу 100-годдзю БНР і роднаму Бабруйску

100-гадоваму юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама сваёй малой Радзіме — роднаму Бабруйску прысвяціў гісторык Ігар Мельнікаў кнігу «Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на Бабруйшчыне ў 1918, 1919 – 1920 гадах». Зараз ідзе краудфандынгавая кампанія па збору сродкаў на яе выданне. Падтрымаць праект можа кожны на сайце talaka.org.

— Падзеі польска-бальшавіцкай вайны на Бабруйшчыне — гэта малавывучаны аспект беларускай гісторыі, — распавядае аўтар. — У «Забытым корпусе» я паспрабаваў абагульніць вядомыя факты, а таксама знайшоў і апрацаваў шмат новых дакументаў, матэрыялаў і ўспамінаў.

Упершыню пра Першы польскі корпус у Бабруйску я пачуў у далёкім цяпер 2004 годзе, падчас вучобы ў Варшаўскім універсітэце. Тады мяне здзівіла, што настолькі значная старонка ў гісторыі не толькі горада на Бярэзіне, але і Беларусі амаль не вывучаная ў айчыннай гістарыяграфіі. Больш за тое, значная колькасць не толькі жыхароў Бабруйска, але і ўсёй Беларусі не адрозніваюць перыяд знаходжання Першага польскага корпуса на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918 годзе і акупацыю Бабруйшчыны польскімі войскамі ў 1919 – 1920 гг. Між тым, гэта зусім розныя гістарычныя сюжэты, хоць яны і маюць ускосныя сувязі.

Гiсторык прысвяціў кнігу 100-годдзю БНР і роднаму Бабруйску
Жаўнеры Першага польскага корпуса падчас параду ў Бабруйску, праведзеным 3 траўня 1918 года.

Менавіта ў сакавіку 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі — дзяржавы, без якой не было б БССР. БНР стала першай у ХХ стагоддзі спробай беларусаў заявіць пра жаданне жыць у незалежнай дзяржаве. Факт яе стварэння заклаў падмурак, на якім ужо ў канцы ХХ стагоддзя паўстала незалежная Рэспубліка Беларусь. Якую палітыку абрала камандаванне Першага польскага корпуса ў дачыненні да беларусаў і іх краіны? За што змагаліся польскія легіянеры ў 1918 годзе? Як ацэньвалі польскія камандзіры вартасць Бабруйскай крэпасці? Як БНР ставілася да войска Доўбар-Мусніцкага? На гэтыя і іншыя пытанні вы знойдзеце адказы ў гэтай кнізе.

Гiсторык прысвяціў кнігу 100-годдзю БНР і роднаму Бабруйску

Ігар Вячаслававіч Мельнікаў — беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук. Нарадзіўся ў красавіку 1980 года ў Бабруйску. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага Дзяржаўнага Педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка (2002 год), Варшаўскі ўніверсітэт (2005 год). У 2011 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Аўтар 100 навуковых і публіцыстычных артыкулаў па гісторыі Беларусі. У 2015 годзе ўзнагароджаны прэміяй імя В. Ластоўскага. Рэдактар беларускай версіі сайта «Гістарычная праўда».

Застаецца адзначыць, што новая кніга гісторыка Ігара Мельнікава – гэта больш за 200 старонак унікальных фактаў вайсковай гісторыі Беларусі і Польшчы, а таксама каля 300 архіўных і сучасных здымкаў, большасць з якіх публікуюцца ў Беларусі ўпершыню.

Асобная ўвага ў выданні нададзеная гісторыі Бабрускай крэпасці — аднаго з архітэктурных цудаў Беларусі.

Алесь КРАСАВІН.

Падтрымаць праэкт

 


Игорь Мельников на сайте Бобруйск гуру:

Гiсторык прысвяціў кнігу 100-годдзю БНР і роднаму Бабруйску

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.