Сяргей Дубавец:
…Вось, скажам, цэлы атрад гісторыкаў займаецца сёньня “разьвянчаньнем міту” нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. І ніхто ня ставіць пытаньня: а што ад гэтага дадаецца? Мы ад гэтага бяднеем ці багацеем? Усе выдатна разумеюць, што Каліноўскі – сапраўды нацыянальны і сапраўды герой. Разыходжаньні могуць быць у трактоўках гісторыкаў, а ня ў масавай сьвядомасьці. Але ж сам панятак нацыянальнага героя – катэгорыя масавай сьвядомасьці, а ня гістарычнай навукі. Героя стварае культура. Пра Каліноўскага напісаныя паэмы й раманы, пастаўленыя спэктаклі, зьнятыя фільмы. Ягоны міт – рэальны набытак нацыянальнае сьвядомасьці беларусаў, прыклад адданасьці сваёй справе, ахвярнасьці й патрыятызму, без чаго немагчыма выхоўваць новыя пакаленьні. І ставіць перад гістарычнай навукай задачу разбурыць гэты міт — тое самае, што пасылаць групу акадэмічных фізыкаў у цырк, каб яны там выкрылі фокусьнікаў, якія падманваюць дзяцей.