Эўракамісія аб’яўляе тэндэр на зьнішчэньне супрацьпяхотных мінаў у Беларусі.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, Беларусь займае сёмае месца ў сьвеце па колькасьці супрацьпяхотных мінаў. Гэта – спадчына, што засталася пасьля распаду Савецкага Саюзу і ліквідацыі Беларускай ваеннай акругі.
Дырэктар аналітычнага цэнтру “Scat” Юры Загумёнаў: “3,6 мільёна мінаў – гэта міны з вадкасным напаўняльнікам, якія зьяўляюцца, па сутнасьці, хімічнай зброяй. Там ёсьць сінільная кіслата ды іншыя атруты. Узарваць іх адкрытым спосабам немагчыма. Выбухі прывядуць да атручваньня атмасфэры, прычым ня толькі беларускай, але й іншых краінаў па пэрымэтру”.
Міны з вадкасным напаўняльнікам ужо не патрэбныя. З гуманных меркаваньняў дзяржавы дамовіліся іх зьнішчыць. А ў нас яны на захоўваньні ўжо па 20, 30, 40 гадоў. І ня ў тых умовах, якія павінны быць пры захоўваньні. Пабавіцца ад гэтай спадчыны патрэбна паводле Атаўскай канвэнцыі, якую падпісала Беларусь, да 1 сакавіка 2008 году.
Тэхналёгіяў утылізацыі супрацьпяхотных мінаў з вадкаснымі напаўняльнікамі да нядаўняга часу не існавала. Але цяпер праведзеныя адпаведныя распрацоўкі, і такія варыянты існуюць. Аднак гэта надзвычай дарагое мерапрыемства.
Эўрапейскай супольнасьць гатовая дапамагчы Беларусі. Паводле інфармацыі з Брусэлю, Эўракамісія можа ахвяраваць на зьнішчэньне супрацьпяхотных мінаў у Беларусі каля трох мільёнаў эўра.