Адам Глобус: Беларус – гэта славянін і трошкі яўрэй

Днямі пабачыла свет кніга "Зрабаваны народ. Размовы з беларускімі інтэлектуаламі", шостая з серыі "Гарадзенская Бібліятэка". Яе аўтары – Малгажата Ноцунь і Анджэй Бжэзецкі з’яўляюцца рэдактарамі польскага часопіса “Nowa Europa Wschodnia”. Доўгі час працавалі ў “Tygodniku Powszechnym”, былі карэспандэнтамі гэтай газеты ў Беларусі і Украіне. Выдалі кнігу “Беларусь – бульба і джынсы”. Серыя "Гарадзенская Бібліятэка" заснавана ў 2007 годзе рухам “За Свабоду” і выдаецца пад патранатам Аляксандра Мілінкевіча.

"Мы" будзем друкаваць шэраг інтэрв’ю з гэтай кнігі. Першае – з пісьменнікам Адамам Глобусам (adam-hlobus)

 – Ці ёсць у беларусаў комплекс непаўнавартасці?

 – Канешне, не. Беларусы пакутуюць з-за маніі вялікасці і гэта іх страшная трагедыя. Усе кажуць, што на самай справе наадварот, але гэта няпраўда. Пакажыце мне яшчэ якую краіну з такой прапагандай – “Мы за Беларусь!”.

 – Адкуль гэта ўзялося?

 – Гэта спадчына Савецкага Саюза. Беларусы сапраўды жылі ў вялізнай імперыі. У пэўны момант гэта дзяржава кантралявала звыш паловы зямнога кантынента. Мы сябравалі з Кітаем, з Індыяй. Людзям убівалі ў галовы: “Ты нарадзіўся ў самай лепшай краіне на зямлі. Ты самы шчаслівы чалавек, ты чалавек будучыні”. І гэтак далей. Людзі ў гэта верылі. Верылі, што іх краіна-гігант праводзіць найлепшую ў свеце палітыку і мае найлепшую ў свеце эканоміку. І раптам імперыя развалілася, але адчуванне вялікасці ў людзях засталося. Гэта страшная манія вялікасці. Мне ніколі б не прыйшло ў галаву казаць, што беларусы маюць комплекс непаўнавартасці. А зрэшты, быць можа гэта адзін і той жа комплекс – неадэкватная ацэнка самога сябе. Падобна было з іншымі народамі, якія трацілі імперыі: з гішпанцамі, з ангельцамі. Толькі што ангельцы маюць права ў дадатак да сваёй маніі вялікасці, а беларусы не вельмі могуць сябе адчуваць спадкаемцамі СССР ці абвяшчаць сябе носьбітамі вялікай славянскай ідэі.

Савецкія часы прышчапілі нам таксама іншае адчуванне прасторы. Мы жылі ў гіганцкай краіне і колькі б нам не тлумачылі, што мы жывем цяпер у маленькай, то мы ўсё роўна будзем упірацца, што ў маленькай, але і вялікай. Бо наша ўсходняя мяжа адкрыта. Беларусы могуць свабодна яе перайсці і раптам апынуцца ў Расіі. Адсюль перакананне, што наша краіна ад Брэста да Уладзівастока. І беларус будзе здзіўляцца, калі ў Расіі міліцыянт папросіць яго пашпарт і скажа яму: “Слухай, ты ж іншаземец”. Будзе адмаўляцца: “Які з мяне іншаземец?”. Міліцыянт аднак не саступіць: “Ты што, крэтын нейкі? У цябе ж сіні пашпарт!” А беларус сваё: “Ну і што з таго?” Міліцыянт урэшце рэшт раззлуецца і скажа: “зыдзі з вачэй, беларус”. Урэшце, беларус не з’яўляецца небяспекай. Гэта не чэчэнец і не тэрарыст.

 – З другога боку, усё меней беларусаў, якія хочуць вярнуцца ў абдымкі вялікага брата.

 – Бо беларусы мараць пра вяртанне ў СССР. Яны не хочуць уключэння ў расійскую дзяржаву, бо Расія замалая. Хочацца вялікую краіну. Вось каб яшчэ ўкраінцы… Самі мы не будзем далучацца, а з украінцамі было б значна хутчэй. Аднак перашкода ў тым, што Расія нас зусім не хоча. Масква проста трошкі баіцца, бо беларуская эліта, вядома, марыць пра Крэмль і калі б Крэмль арганізаваў бы хоць трохі дэмакратычныя выбары, то можа і нашы мелі б нейкі шанс?

 – Ці тая манія вялікасці, пра якую Вы раней гаварылі, мае сувязь з прапагандай перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне?

 – Перамагаць хочуць усе. Палякі таксама ўсім паказваюць карціну Яна Матэйкі “Бітва пад Грунвальдам”. Расіяне, напрыклад, ведаюць тры даты: бітву на Куліковым Полі ў 1380 годзе, калі яны перамаглі татараў, потым вайну з Напалеонам у 1812 годзе і 1945 год, калі дайшлі да Берліна і горад пачуў рускую лаянку. А беларусы не змагаліся з татарамі. Калі справа ідзе пра 1812 год, то ўзнікае праблема, бо мы ўжо змагаліся, але на двух баках. Цяжка гэтым ганарыцца. Што нам засталося? Толькі 1945 год. І тут сапраўды – гэтага ў нас ніхто не забярэ – мы бралі ўдзел у змаганні і перамаглі. Дзяржава спрытна іграе на гэтай нотцы схільнасці да перамогі. Цяжка было б сёння спецыялістам па прапагандзе прыдумаць штосьці ў замен.

 – У чым яшчэ праяўляецца савецкі дух?

 – Па-першае, беларусы лічаць, што іх усюды любяць. Ідуць да габрэйскіх артадоксаў і да расійскіх фашыстаў з упэўненасцю, што і тыя, і тыя будуць іх любіць. Беларус адчувае сябе трохі як малое дзіця: усюды яго прымуць, пагладзяць па галоўцы, нявіннае і яшчэ нікога ў жыцці не пакрыўдзіла. Гэта пачуццё, што нас любяць, засталося з савецкіх часоў. Дзякуючы яму беларусы лёгка адаптуюцца да розных асяроддзяў.

 – А адносіны да грошай і працы?

 – Тут наступілі перамены. Пасля распаду СССР беларусы пачалі жыць чысцей, больш працаваць і меней піць. Перасталі быць рускімі, якімі адчувалі сябе раней. Змянілася сістэма працы і дзяржаўныя прадпрыемствы ўжо не так адрозніваюцца ад прыватных. Дзякуючы заменніку капіталізму, які ў нас ёсць, усе навучыліся лічыць.

 – Вы належыце да тых людзей, якія пасля распаду СССР пачалі зарабляць вялікія грошы. Як выглядала гэта навука – добра лічыць грошы?

 – У СССР паняцце грошы ледзь функцыянавала. Нібыта штосьці было, але былі банкноты, а не грошы. Дзейнічаў абменны гандаль. Зрэшты, аднойчы па тэлебачанні паведамілі, што расійскія грошы – гэта ўжо не грошы. Застаўся долар і ў долар беларусы паверылі. І моцна вераць да сёння.

 – Грошы не сапсавалі багатых беларусаў? Праз столькі гадоў саматканага сацыялізму вы раптам маглі дазволіць сабе ўсё.

 – Калі з’явіліся грошы, то мы, наадварот, перажылі шок. Многія з тых, што разбагацелі, страцілі розум – куплялі гарнітуры са срэбнымі гузікамі, наймалі яхты, а ў яхце сем дзяўчат, невядома навошта. Раптам з’явілася праблема мафіі. Там было многа прыгожых хлопцаў і не толькі ў гарнітурах з залатымі гузікамі, але і з пісталетамі. Гэта быў такі п’яны рамантызм. Кожны хацеў зарабляць як мага больш, нават настаўнікі працавалі на тры стаўкі. Але ці сапсавалі нас грошы? Я не купляў аўтамабіляў і не наймаў яхты, да сёння езджу на метро. Найбольшым дасягненнем нашай дэмакратыі лічу той факт, што Станіслаў Шушкевіч, які без сумнення ўвойдзе ў гісторыю, бо ўдзельнічаў у найважнейшых падзеях, спакойна ездзіў на метро. Спачатку кіраваў дзяр¬жавай, а потым ездзіў грамадскім транспартам.

 – Аднак хіба што ўзмоцнілася пачуццё ўласнасці? Мы заўважылі, што кожны беларус забудоўвае сабе балкон, нібыта хоча яго яшчэ больш захапіць.

 – Так, бо калі ёсць штосьці тваё, то дзяржава да гэтага не прычэпіцца. Калі штосьці адгародзіш, то маеш адчуванне, што гэта тады штосьці годнае, а калі будзеш прадаваць кватэру, то забудаваны балкон павялічыць яе метраж. Долар гэта, нягледзячы ні на што, толькі паперка, а кватэра – твая тэрыторыя. Беларусы любяць тое, што ім належыць. Добра было б яшчэ мець ва ўласнасці калідор.

 – У Савецкім Саюзе не было грошай, але не было і сексу. “Секса нет” – усе гэта ведаем. Як у гэтым сэнсе змяніліся беларусы?

 – Выраз “секса нет” сёння смешны, але яно мела сэнс у рэчаіснасці. У СССР усе помнікі ставілі тыранам і катам, кніжкі таксама апісвалі адных нягоднікаў. А пра каханне ні слова. Для яго не было месца.

Не ведаю, якія рэвалюцыі на землях Беларусі ўвойдуць у гісторыю, але ўпэўнены, што тут была сексуальная рэвалюцыя. Маё пакаленне не толькі разваліла імперыю, але і правяло сексуальную рэвалюцыю. Калі я вучыўся ў школе, за валоданне “Плэйбоем” пагражалі вялізныя праблемы. Цяпер можна пісаць эратычныя апавяданні і купіць эратычны фільм. Гэта рэвалюцыя мела месца на пачатку 90-х гадоў і была для мяне найбольш цікавым і творчым здарэннем. Мы пераканаліся, што ў нас найпрыгажэйшыя жанчыны. Палякі ведалі гэта заўсёды, а беларусы нібыта патрабавалі доказаў. Раптам мы адкрылі, што нашыя дзяўчаты могуць браць удзел у выбарах Міс.

Усе даследаванні гавораць, што ў гэтым рэгіёне Еўропы, у якім нам давялося жыць, ёсць два вельмі эратычныя народы: латышы і беларусы. У нас свята Купалы, а ў латышоў падобнае свята, якое называецца Лідо. Касцёл і Царква заўсёды з імі змагаліся, бо гэта святы эратычныя, святы любові, сексу… Ой, вельмі падабаліся народу. У 90-х гадах гэта было дзяржаўнае свята і калі ў гэтай краіне наступяць дэмакратычныя змены, то вернемся да яго.

 – А як змянілася стаўленне да сям’і?

 – У СССР уладзе не патрэбна была сям’я, патрэбны былі героі і салдаты. Сям’я гэта залежнасць, а гэтага не павінна было быць. Калі прыйшло трохі свабоды, былі ацэнены таксама сямейныя каштоўнасці. Цяпер на сценах нашых дамоў вісяць такія абразы – тут Хрыстос і Маці Божая, а побач унук Вовка. Гэта раўназначныя каштоўнасці.

 – Што змянілася ў беларусах, калі ў савецкія часы яны пачалі жыць у гарадах?

 – Трошкі сталі габрэямі. Хто такі рускі? Славянін і трошкі татарын. А паляк? Славянін і трошкі француз – два разы быў у Парыжы і ўжо такі прыстойны і выхаваны. А кім з’яўляецца беларус? Гэта славянін і трошкі яўрэй. На нашых землях не было антысемітызму. Былі толькі правакацыі расійскай чорнай сотні і польскіх нацыяналістаў. Беларускія нацыяналісты не былі антысемітамі.

Пасля Халакосту габрэйскія гарады проста аддавалі беларусам. Мы атрымалі іх дамы, іх сады, іх жыццё. Я нарадзіўся ў такім доме. Нашу вёску спалілі і ўлада сказала бацькам, каб пасяліліся ў габрэйскім доме. Мы пачалі падпарадкоўвацца канструкцыі дома, выгляду сада. Чалавек прызвычайваецца да архітэктуры і яна яго фармуе.

 – Беларусы маюць таксама вялікае пачуццё парадку.

 – Так. І фенаменальным спосабам падпарадкоўваюцца ўладзе. Заўсёды стаяць на чырвонае святло святлафора, нават калі можна хутка перайсці дарогу. Мы заўсёды такімі былі. Калі прыязджае хтосьці з Масквы, заўсёды круціць пальцам ля скроні, чаму мы так пакорліва стаім на чырвонае святло. Але ж калі ёсць светлафор, то трэба чакаць. Мы выхаваныя і гэта найбольшая розніца паміж беларусамі і рускімі.

Калі беларус выходзіць з метро, то заўсёды прытрымае дзверы, каб чалавек, які за ім ідзе, мог спакойна выйсці. А рускі, той яшчэ адпаведна дзверы расхістае, каб ударылі чалавека за ім з усёй моцы.

 – Аднак у аўтобусах і трамваях людзі ездзяць зайцам. Кажуць, што не маюць ні грошай, ні білета, а кантралёрка ім нічога не зробіць, толькі кажа: “Так нельга, малады чалавек”.

 – Бо дзесьці павінна быць частка непарадку. Перад усім жанчына-кандуктар – гэта ўжо памылка. Акрамя таго, гэта часта жанчыны сталага ўзросту. Не раз я хачу купіць білет, а гэта бабулька мне кажа: “А, падабаешся мне, едзь сабе без білету”.

 – Якія найгоршыя стэрэатыпы на тэму беларусаў?

 – З нас зрабілі карыкатуру. Гадамі лічылася, што паміж Польшчай і Расіяй увогуле няма ніякай краіны. На захадзе Еўропы трэба было тлумачыць, дзе знаходзіцца Беларусь. Кажуць, што мы народ баязліўцаў. Гэта нібыта галоўная рыса нашага характару. Аднак калі ўсе вакол яго мацнейшыя, то чалавек проста схаваецца. І так беларусы – схаваліся. Не люблю таксама сцверджання, што беларусы – гэта народ, які жыве на балотах. Ні адзін нармальны чалавек не будуе дом на балоце, наадварот, на ўзгорку. Згодны, што наша горка можа не высокая, але і ў балоце мы не жывём!

 – Чытаючы беларускую літаратуру, можна падумаць, што жывяцё пад зямлёй.

 – Так, любім схавацца, у дзяцінстве бавіліся ў хованкі. Калі запытаць дзіця на вуліцы, то кожны скажа, што гэта яго любімая гульня. Схавацца ў шафе, за дзвярыма. Гуляць не ў вайну, а ў шпіёнаў.

 – У беларусаў падвойная натура?

 – Мы маем дзве душы – пра гэта пісаў ужо Максім Гарэцкі. Беларус пойдзе ў касцёл, складзе рукі для малітвы, будзе маліцца і скажа, што ён католік, а потым пойдзе ў праваслаўную царкву і там зробіць дакладна тое самае. Будзе заракацца, што ён праваслаўны. Калі гавораць пра рэлігійны падзел у Беларусі, то часта гэтыя разважанні разыходзяцца з праўдай, бо гаворка ідзе пра тых самых людзей. Я паходжу з каталіцкай сям’і, а ахрышчаны ў царкве. Я пытаўся бацькоў, чаму, а яны выкручваліся, што нібыта ў касцёл было далёка ехаць. Я думаю, што зрабілі гэта на ўсялякі выпадак, каб у сям’і быў адзін праваслаўны. Акрамя таго ў нас укаранёныя рознага кшталту забабоны. Вера ў памерлых, у шаптух. Некалькі год пасля атрымання незалежнасці паганскія святы былі тут святамі дзяржаўнымі: Дзяды, Радаўніца, ноч Купалы, пра якую я ўжо казаў. У беларускай ментальнасці на першым месцы якраз дахрысціянскія традыцыі. Хрысціянства – таксама, але беларусы вераць, што душа памерлага пасля смерці павінна ісці па кладцы і не азірацца.

 – Чаму перад падарожжам беларус сядзе і памаўчыць?

 – Ну так, гэта рытуал. Я таксама так раблю. Гэта якраз прывязванне да забабону, нейкай дахрысціянскай традыцыі. Для нас такія паводзіны маюць нешта агульнае з рэлігіяй. Можа гэта мае таксама нейкі прагматычны намер? Можаш прысесці і падумаць: “Ці ўсё забраў? Ці еду ў добрым напрамку? Ці закруціў кран?”. А калі, не дай Божа, павінен вярнуцца дадому, то выходзячы з яго зноў, павінен абавязкова паглядзець у люстэрка.

Хрысціянства і паганства – гэты дуалізм характэрны для беларусаў. Яны павінны былі так паводзіць сябе, каб магчы функцыянаваць паміж дзвюмя культурамі, у двухполюсным свеце. Расія мела адну ўладу, адну веру і адну дзяржаву. Тое ж было ў Польшчы. А беларус заўсёды будзе вырашаць: “Хмм, сталіца – Менск, але як было б добра, калі б яшчэ Вільня магла стаць нашай сталіцай”. А калі не Вільня, хоць гэта так паэтычна, то можа Масква? Жыхары Гародні мараць, каб другой сталіцай была б Варшава. Найважней, каб мець усё прадубляванае, тады беларусы спакойныя. Дзве мовы: адна наша, а другая ў запас. Два паэты: адзін Колас, то няхай будзе яшчэ і Купала.

 – Ці крыніцай такой пазіцыі з’яўляюцца ўсе гістарычныя трагедыі, якія напаткалі беларусаў?

Бясспрэчна. Адсюль узяўся асекурантызм, неабходнасць, каб заўсёды мець штосьці ў запас і ніколі не казаць праўды. А калі ўжо казаць праўду, то мець яшчэ штосьці за пазухай, каб былі дзве праўды. Заўважце, што калі беларусу трэба сказаць “так”, то скажа “да, да”. Каб на ўсялякі выпадак сказаць два разы. Паляк кажа “так” альбо “не”, а беларус заўсёды скажа “так, так”.

 – Купала пісаў, што беларусы нясуць свету сваю крыўду.

 – Так атрымалася. Усе вакол нас моцныя, таму паказванне крыўды гэта форма самаабароны. Расіяне вялікія і навязваюць нам мову, палякі нас таксама крыўдзяць. Такім латышам і літоўцам немцы дапамагаюць, а нам ніхто. Мы слабыя ў асяроддзі моцных. Гэта трохі як з жанчынамі. Хочуць раўнапраўя, але ў канцы скажуць: “Я ж жанчына”. Усё, што звязана з захаваннем жанчыны, характэрна для беларуса. Напрыклад, наш прэзідэнт: сірата без бацькі. Такі жаночы ў гэтым! Запусціў сабе вусы, але застанецца такім, выхаваным маці.

 – Якога колеру беларусы?

 – Самы ўлюбёны колер – шэры. Калі б я мог прапанаваць сцяг Беларусі, то ён быў бы шэрым. Гэта найлепшы колер – спакойны, утрымлівае ў сабе ўсе іншыя колеры. Захоўвае раўнавагу, ні вясёлы, ні сумны, неагрэсіўны і ў той жа час такі філасофскі. І ніхто такога не мае. Беларусы да ўсяго дадаюць шэрасці. Не любяць кантрастаў, як французы ці гішпанцы.

 – Каб не высоўвацца?

 – Беларусы ніколі не хацелі стаць першымі. Рускія пастаянна апраналі нас у мундзіры салдатаў. Верылі нам, бо мы былі добрымі салдатамі, пакорнымі і вернымі, але найважнейшых пасадаў нам ніколі не аддалі б. Нейкае намесніцтва, чаму б і не… Таму ў КДБ, у дыпламатыі было многа беларусаў-намеснікаў, мы працавалі ў выведцы. Беларус выдатна сябе адчувае ў другім шэрагу, на заднім плане.

 – Вы таксама жывяце адначасова двума жыццямі. Публікуеце беларускую паэзію і масавую расійскую літаратуру.

 – Жыву нават болей чым у дзвюх краінах. Жыву ў Менску, але вымушаны працаваць у Маскве. І маю яшчэ маленькую кватэру ў Вільні, як гэта ў беларусаў, на ўсялякі выпадак.

 – Чым адрозніваецца чытач твораў Адама Глобуса ад чытача кніг Джона Томпсана?

 – Глобус, на жаль, не з’яўляецца пісьменнікам, для якога была б кан’юнктура. Гэта пісьменнік для артыстаў, для беларускай інтэлігенцыі. Што ж, гэта творца правінцыйны, творца малых мястэчак. Яго чакае цяганне па судах. Увесь час да яго хтосьці мае прэтэнзіі, штосьці не так напісаў, кагосьці абразіў, не справіўся з нечыімі патрабаваннямі. А Джон Томпсан гэта пісьменнік для мас. Калі б амерыканцы не стрымлівалі б яго кар’еру, то напэўна яшчэ трохі і быў бы самым вядомым пісьменнікам у Нью-Ёрку. Гэта добры пісьменнік. Як аўтар мае выдатны супакой і стабільнасць. Творчасць абодвух гэтых пісьменнікаў адрасавана для двух відаў чытачоў.

 – Якія патрэбы ў чытача кніг Томпсана?

 – Ён шукае стабільнасць, любіць герояў, якія ніколі не паміраюць. Як дзіця, якое хоча, каб яму ўвесь час чыталі казку пра Чырвоны Капялюш. І каб кожны вечар гэтага брыдкага ваўка забівалі. Таму працяг аповесці пра Скарлет атрымаў такі поспех. Дзіўна, што ніхто ў Польшчы не падумаў напісаць працяг трылогіі Сянкевіча. Спакойна можна было б махануць яшчэ некалькі тамоў.

 – А якую каштоўнасць мае літаратура пра Скарлет?

 – Гэта не Дантэ, але і “Знесеныя ветрам” таксама не з’яўляецца класікай літаратуры, а толькі халтурай. Ніхто не прымушаў чытачоў купляць гэтыя кнігі. Я не хадзіў па людзях і не ўпіхваў ім гэта, каб зарабіць. Не прасіў ніякіх грантаў на гэтыя кнігі.

 – Ці беларусам непатрэбна высокая культура?

 – Можна, канешне, глядзець на нас як на людзей другога гатунку, але насамрэч патрабуем як высокай, так і нізкай культуры. Масавая культура і папса нам таксама патрэбныя. У нас жа свая краіна.

 – Ці беларускамоўная літаратура толькі для інтэлігенцыі, для вузкай групы карыстальнікаў?

 – Не абавязкова. У школе ж ёсць беларуская літаратура. У свой час мэтай многіх беларускіх пісьменнікаў было знаходзіцца ў спісе школьнай літаратуры і гэтым увайсці ў класіку. Задумка была неблагая – беларуская літаратура маладая, сто гадоў, таму не так цяжка адпавядаць яе правілам. У гэтым, канешне, было многа цынізму.

 – Вы таксама знаходзіліся ў літаратуры, прадугледжанай школьнай праграмай.

 – Гэта праўда, але я ўжо вылецеў.

 – Чым адрозніваецца пісаць па-руску ад пісаць па-беларуску?

 – Пішучы па-руску дакладна можна зарабіць болей грошай.

 – Ці выбар мовы вызначаюць грошы?

 – Гэта праблема рынка. Дастаеўскі вырашаў, хто будзе чытачом яго кніг. І яго найлепшая аповесць – пра чалавека, які хацеў стаць Напалеонам, а не марыў быць расійскім царом. Раскольнікаў з’яўляецца героем, які можа зацікавіць французскамоўнага чытача. Сёння ў кожнай кнізе, ці яна па-польску, ці па-беларуску ці французску, герой будзе ўзгадваць побыт у Нью-Ёрку. Ці гэта так важна, на якой мове пісаць? Усё ж можна перакласці.

 – І таму Вы пісалі пра Скарлет па-руску, а не, напрыклад, па-беларуску пра нейкую там, прыкладам, Алену з Гомеля?

 – А хто будзе ведаць Алену з Гомеля? Каго зацікавіла б такая гераіня? Скарлет усе ведаюць і любяць. Пра Алену з Гомеля можа пісаць толькі Адам Глобус. Мяне цікавіць славянская ідэя, беларуская мова і культура, але я не хачу забываць пра рэчаіснасць. У мяне няма заслоны перад вачыма і я ведаю, што робіцца.

 – Ці не адчуваеце Вы, што пішучы кнігі малым накладам па-беларуску і шматнакладныя на рускай мове, Вы таксама прыкладваеце руку да русіфікацыі?

 – Я ўжо васемнаццаць гадоў хаджу на дэманстрацыі, арганізаваныя нацыянальнай апазіцыяй, якая змагаецца за беларускую мову. Халера, васемнаццаць гадоў хаджу, б’юся, калі трэба, і яшчэ павінен быць у нечым вінаватым? Пра Лукашэнку я таксама напісаў усё, што думаю, але ж я не магу пісаць увесь час пра адно і тое ж. Я не бяру ўдзелу ў русіфікацыі, не вырашаю дзяржаўнай палітыкі. Калі б людзі хацелі чытаць пра Скарлет па-беларуску, паверце мне, было б напісана па-беларуску. Але людзі купляюць кніжкі па-руску. Канец, кропка. Прабачце, я не буду падыходзіць да кожнага чалавека, які плаціць у кнігарні за рускамоўную літаратуру, і казаць: “Вы не вельмі добра робіце”. Зрэшты, сам чытач напэўна ведае, што робіць дрэнна і прызнаў бы маю правату. Людзі часам хочуць паслухаць беларускую музыку, хочуць пачытаць на гэтай мове апазіцыйную газету, час ад часу нейкія вершы, могуць купіць дзіцяці кніжку на беларускай мове, але крымінал альбо амбітную літаратуру хочуць чытаць па-руску. У тэлебачанні руская мова, дзяржава гаворыць па-руску, усе чыноўнікі гавораць па-руску і чалавек думае па-руску. Беларуская мова на другім плане. Што ж рабіць, калі The Rolling Stones лепшыя за ўсе беларускія гурты разам узятыя? Ваш Чэслаў Неман таксама быў добры і валасы меў доўгія як Джон Ленан, але гэта не быў Джон Ленан. Чаму тады да пісьменнікаў такія прэтэнзіі? Я не Леў Талстой і я ведаю пра гэта.

 – Вы не бачыце небяспекі ў Расіі?

 – Не бачу нябяспекі ў рускай культуры. Канешне, бачу яе ў расійскім мілітарызме, але не ў мове. Расійская імперыя фінансавала развіццё кнігачытання, перакладаліся кнігі з усіх моў. І калі я маю ахвоту пазнаёміцца з японскай літаратурай, я куплю кнігу з японскай літаратурай па-руску. Расіяне зрабілі вялікую працу па перакладзе ўсіх кніг, якія хочацца чытаць і якія трэба перачытваць. І за гэта ім варта дзякаваць. Ці хтосьці ў здаровым розуме мог бы сказаць, што гэта дрэнна?