День 25 августа…

Мара пакаленьняў і вынік змаганьня

Дзень 25 жніўня 1991 года быў другім днём нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савета, скліканай па ініцыятыве парляманцкай Апазыцыі БНФ пасьля правалу праімпэрскага камуністычнага путчу ў Маскве. У канцы дня, у момант вялікага напружаньня і стамленьня, калі настрой дэпутацкай большасьці быў усё яшчэ няпэўны і ўсё магло павярнуцца не на нашу карысьць, і калі Шушкевіч, які вёў сэсію, прапанаваў “заканчваць нашу работу” – тады, у апошнюю хвіліну, слова ўзяў Пазьняк і, ўдала сыграўшы на паняцьцях і пачуцьцях камуністаў і прадстаўнікоў намэнклятуры, здолеў пераканаць дэпутатаў прагаласаваць за наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы. У 20 гадзін 08 хвілінаў ажыцьцявілася мара пакаленьняў беларусаў – нацыя вярнула Незалежнасьць. Гэтыя два дні запатрабавалі ад нас, дэпутатаў Апазыцыі БНФ, калясальнага інтэлектуальнага і псыхалягічнага напружаньня – але вынік, пэўна ж, можна лічыць лепшым і галоўным дасягненьнем жыцьця.

Пазьней будзе шмат напісана пра “агульныя тэндэнцыі суверэнізацыі рэспублік”, пра “аб’ектыўную адсутнасьць іншага варыянту”, што “усё вырашалася ў Маскве”, нарэшце, што “незалежнасьць на Беларусь звалілася зь неба” – абы толькі прынізіць ролю нацыянальнага авангарду ў здабыцьці рэальнай Незалежнасьці.

“Агульныя тэндэнцыі” распаду СССР якраз ішлі не з Масквы (там Гарбачоў і Ельцын змагаліся за Крэмль, і свабода “нацыянальных ускраінаў” не фігуравала ў ліку іх палітычных прыярытэтаў ) – тэндэнцыі высьпявалі ў тагачасных рэспубліках. Найманцей ў тых, дзе былі актыўнымі нацыянальныя сілы, Народныя франты. Адзначым тут вялізную ролю менскіх “Дзядоў” 30 кастрычніка 1988 года, калі Пазьняку ўдалося прадухіліць, здавалася б, непазьбежнае кровапраліцьце і тым самым ўпершыню ў тагачасным СССР паказаць прыклад мірнай, негвалтоўнай масавай нацыянальнай акцыі ў той час, калі камуністы задумалі і правакавалі вялікую кроў (падзеі ў Тбілісі і Баку, як вядома, разьвіваліся па іншым сцэнары).

Так што Ельцын не “падараваў свабоду” – а вымушаны быў улічваць настроі ў Беларусі, у Прабалтыцы, на Украіне. У яго на памяці быў вопыт Гарбачова, які паспрабаваў кінуць танкі і дэсантнікаў у Вільню і Рыгу. Але ўжо праз некалькі дзён, на пачатку верасьня, Ельцын з маладой “камандай рэфарматараў” пачаў энэргічна адбудоўваць імпэрыю (эканамічна, палітычна і вайскова). Я перакананы, што калі б мы спазьніліся ці каб не былі вынаходлівымі, цьвёрдымі і рашучымі – Беларусь магла б стацца часткай “фэдэрацыі”. (Між іншым, Захад – тады – не надта падтрымліваў нашу Незалежнасьць. Захад быў зацікаўлены ў тым, каб ядзерны патэнцыял быў у “адных руках”, маскоўскіх.)

Наш посьпех быў бы немагчымым без падтрымкі дзясяткаў тысяч людзей перад будынкам Дома ўраду, галасы якіх даляталі ў Авальную залю.

Гэта былі нашчадкі паўстанцаў Касьцюшкі і Каліноўскага, чытачоў купалаўскай “Нашай Нівы”, заснавальнікаў БНР, слуцкіх ваяроў, тых , хто палег у Курапатах, падпольных антыкамуністычных змагароў – і ніхто з тых людзей, што два дні сьцяною стаялі на плошчы, гукалі, сьпявалі і чые вочы напаўняліся сьлязьмі шчасьця, ніколі ня скажа, што Незалежнасьць на іх аднекуль “звалілася”.

Сяргей Навумчык, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня.