Ушанавалі памяць Ларысы Геніюш

9 жніўня 2017 года у Свята-Барыса-Глебскай старажытай царкве на Каложы служылі паніхіду на роднай мове, на якой прысутныя маліліся за спачын душы выбітнай беларускай пісьменніца Ларысы Геніюш. У гэты дзень споўніўся 107 дзень нараджэння славутай паэткі Гродзеншчыны.

Пасля супольнай малітвы адбылася сустрэча, прысвечаная памяці Ларысы Геніюш. Яна прайшла ў прыходскай бібліятэцы, якая носіць імя славутай паэткі. Сярод прысутных былі каложскія прыхаджане, сябры Cаюзу беларускіх пісьменнікаў і іншыя неабыякавыя да лёсу Ларысы Геніюш госці.

Падчас сустрэчы клірык прыходу айцец Ігар Данільчык распавёў пра цяжкае жыццё пісьменніцы, пра яе пакуты ў сталінскіх лагерах, пра спробы яе рэабілітацыі ў беларускай дзяржаве. Гасцям запрапанавалі паслухаць вершы Ларысы Геніюш у запісы яе голасу і ў выкананні гурта “Беларускія песняры”.

Прыхаджанка Каложскай царквы Інга Сакута падрыхтавала для прысутных даклад аб творчай спадчыне нашай паэткі і прачытала некаторыя з яе вершаў. У сваім выступе яна падкрэсліла той факт, што акрамя відавочнай любові да людзей і да Радзімы, значная частка паэзіі Ларысы Геніюш адлюстроўвала яе моцную хрысціянскую веру.

Ушанаваў памяць Ларысы Геніюш добрым словам старшыня гродзенскага аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка. Ён выказаў падзяку за правядзенне гэтай сустрэчы Каложскаму прыходу і адзначыў, што падтрымка царквы ў справе рэабілітацыі Ларысы Геніюш і надання ёй заслужанага месца ў беларускай культуры і літаратуры вельмі важная.

Былі на сустрэчы тыя, хто асабіста ведаў пісьменніцу. Распавядалі аб той прыцягальнасці, якую мела Ларыса Геніюш. Паэт з Зэльвы Юрка Голуб падзяліўся сваімі светлымі і добрымі ўспамінамі аб сваёй зямлячцы. Ён зачытаў верш, прысвечаны дарагой паэтцы.

Напрыканцы сустрэчы старшыня Свята-Барыса-Глебскага брацтва Мікалай Фядытнік выступіў з дакладам аб рэлігійных перакананнях Ларысы Геніюш, у якім звярнуў увагу на непахісную веру праваслаўнай хрысціянкі.

Kalozha.by.